ТЛУ́СТЫЯ КІСЛО́ТЫ,

аліфатычныя карбонавыя кіслоты; асн. структурны кампанент многіх ліпідаў. Паводле ступені насычанасці вуглевадароднага радыкала адрозніваюць Т.к. насычаныя (гранічныя) і ненасычаныя (негранічныя), ніжэйшыя, сярэднія і вышэйшыя (па колькасці вугляродных атамаў). У прыродзе пераважна сустракаюцца вышэйшыя Т.к. з цотнай лічбай атамаў вугляроду (C14—C24). У жывых арганізмах Т.к. — пластычны і энергет. матэрыял; знаходзяцца ў свабодным і звязаным выглядзе; паступаюць з ежай і сінтэзуюцца ў клетках пераважна шляхам паслядоўнага далучэння або адшчаплення двухвугляродных фрагментаў. Пры працяглай адсутнасці ў ежы ненасычаных Т.к. у жывёл назіраецца адставанне ў росце, пашкоджанні скуры, валасянога покрыва. Лішак насычаных Т.к. садзейнічае павелічэнню колькасці халестэролу ў крыві. Свабодныя Т.к. ў тканках маюцца ў невял. канцэнтрацыях, яны — прамежкавыя прадукты пры сінтэзе і распадзе інш. ліпідаў. Гл. таксама Незаменныя тлустыя кіслоты, Пальміцінавая кіслата, Стэарынавая кіслата.

Літ.:

Кучеренко Н.Е., Васильев А.Н. Липиды. Киев, 1985;

Ленинджер А. Основы биохимии: Пер. с англ. Т. 1—3. М., 1985;

Березов Т.Т., Коровкин Б.Ф. Биологическая химия. 3 изд. М., 1998.

І.​М.​Семяненя.

т. 15, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)